ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Даведайся пра мастацтва Амерыкі
У “Клубе кніжных прафесараў” вывучалі гісторыю пісьма

20 лістапада – 70 гадоў з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц

20 лістапада – 70 гадоў з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц
Іншыя навіны

Каштоўным набыткам беларускай паэзіі другой паловы XX ст. стала творчасць паэтэсы, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1986) Яўгеніі Іосіфаўны Янішчыц (1948–1988).

Яна нарадзілася ў в. Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Атрымала педагагічную адукацыю: скончыла аддзяленне беларускай мовы і літаратуры БДУ. Працавала загадчыцай бібліятэкі ЦК ЛКСМБ. Некаторы час жыла ў Чэхаславакіі, пасля вярнулася на Радзіму, займалася творчай працай. З 1976 г. Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц была літкансультантам “Сельскай газеты”, а з 1983 г. загадвала аддзелам паэзіі часопіса “Маладосць”. Займалася яна і грамадскай дзейнасцю, удзельнічала ў якасці дэлегата ў рабоце XXXVI сесіі Генеральнай асамблеі ААН (1981).

evgeniya_yanishchic.jpgДрукавацца Я. Янішчыц пачала ў пінскай раённай газеце яшчэ вучаніцай Парэцкай сярэдняй школы. Свае вершы будучая паэтэса падпісвала псеўданімамі Ж. Заметкіна, Е. Іосіфава. Першыя пробы яе паэтычнага пяра заўважылі і ацанілі ў сярэдзіне 60-х крытыкі і чытачы. Падчас сканчэння школы і паступлення на вучобу ва ўніверсітэт яна мела ўжо публікацыі ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях.

Першы зборнік вершаў маладой паэтэсы “Снежныя грамніцы” (1970) выйшаў, калі яна вучылася на пятым курсе БДУ. Кніга была вельмі добра прынята, пра аўтарку многа і ўхвальна пісалі. Многія вобразы “Снежных грамніц” сапраўды неслі ў сабе першародную свежасць юнацкага захаплення жыццём, улюбёнасць у родны край і яго людзей, адкрытасць перад светам надзей і спадзяванняў.

Імя паэтэсы хутка атрымала пэўную вядомасць, а яе творы друкаваліся не толькі ў беларускіх газетах, часопісах і калектыўных зборніках, але і ва Украіне, у Расіі ў такіх цэнтральных выданнях, як “Молодая гвардия”, “Дружба народов”, “Литературная газета”, “Правда”, перакладаліся за мяжой.

Наступны зборнік “Дзень вечаровы” пабачыў свет у 1974 г., а ў 1978-м быў адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. У кнізе пашыраюцца далягляды, узбагачаецца вопыт, раскрываюцца новыя якасці лірычнага характару. Вобразы роднага краю дапаўняюцца новымі рэаліямі: да асэнсавання Радзімы, палескіх краявідаў, сустрэч з дарагімі людзьмі дадаецца пачуццё мацярынства.

yaselda.jpgЭтапным, паваротным прызналі крытыкі трэці зборнік вершаў Я. Янішчыц “Ясельда” (1978), дзе больш прыметна ўзмацняецца ўвага да цяжкасцей жыцця, ускладняецца светабачанне паэтэсы. Асаблівай пранізлівасцю вызначаецца ў кнізе лірыка кахання. Па-ранейшаму пяшчотная і надзвычай тонкая ў перадачы інтымнага пачуцця ва ўсёй яго супярэчлівасці і жывой рухомасці, любоўная лірыка нясе ў сабе больш, чым раней, гаркоты.

Свайго сталага майстэрства Я. Янішчыц дасягнула ў кнігах “На беразе пляча” (1980), “Пара любові і жалю” (1983), адзначанай у 1986 г. Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы, “Каліна зімы” (1987). Мысленне паэтэсы вызначаецца філасофскім роздумам над часам і прасторай, імгненнем і вечнасцю, жыццём і смерцю. Стан яе душы выяўляецца праз узаемазалежнасць такіх эмацыянальных катэгорый, як любоў і боль, шчасце і адчай, радасць і журба, святло і цемра. У многіх вершах робіцца акцэнт на няроўную і не надта ласкавую жаночую долю і шчасце, аналізуецца жыццёвы шлях.

Звярталася Яўгенія Іосіфаўна і да прозы, напісала некалькі апавяданняў, рэалістычных па сваёй фактуры і праўдзівых па сутнасці (“Кошык бульбы”, “Сардэчнасць”, “А я ўсіх шкадую” і інш.). Плённа працавала паэтэса ў галіне мастацкага перакладу, узнаўляючы па-беларуску вершы рускіх і ўкраінскіх паэтаў. Змяшчаліся ў друкаваных выданнях яе артыкулы пра паэзію, змястоўныя рэцэнзіі на паэтычныя кнігі, водгукі з падрабязным аналізам твораў.

Pachynaetstsa_ўsjo_z_lyubvi.jpgУ яе апошняй прыжыццёвай кнізе “У шуме жытняга святла” (1988) сабрана лепшае з напісанага за дваццаць гадоў літаратурнай працы. Пасля гэтай кнігі творы Я. Янішчыц пачалі прыходзіць да чытача ў выглядзе паэтычнай спадчыны. У 2000 г. выйшла кніга “Выбранае”, а ў 2008 г. – “Пачынаецца ўсё з любві…”, куды ўвайшло лепшае з напісанага паэтэсай.

Таксама інфармацыю па тэме можна знайсці ў фактаграфічнай базе даных “Беларусь у асобах і падзеях”.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння”

10 Май 2024

16–17 мая ў Мінску адбудуцца ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння (да 20-годдзя Інстытута тэалогіі БДУ)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Падведзены вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

8 Май 2024

7 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы ў анлайн-рэжыме адбылося пасяджэнне журы па падвядзенні вынікаў XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Памятаем і шануем!

8 Май 2024

Напярэдадні 9 Мая і ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прадстаўнікі бібліятэкі правялі рэстаўрацыю і ўборку пахаванняў супрацоўнікаў, якія работалі ва ўстанове ў даваенны і пасляваенны перыяды.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ЮНЕСКА і Беларусь: 70 гадоў паспяховага супрацоўніцтва

8 Май 2024

З 8 мая па 18 чэрвеня ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная кніжная выстава “ЮНЕСКА і Беларусь: 70 гадоў паспяховага супрацоўніцтва”, прысвечаная 70-годдзю ўступлення Рэспублікі Беларусь у ЮНЕСКА.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам